Музы і натхненне ходзяць побач

Наведвальнікаў Палаца культуры горада Ліды заўсёды прыемна здзіўляе пано Ірыны Вашкевіч з выявамі непаўторных вобразаў музаў мастацтва, якое ўпрыгожвае фае вялікай залы. Не выпадкова, што сустрэча з гэтым таленавітым чалавекам у творча-дыскусійным клубе “Люстэрка творчасці” адбылася менавіта там.

Ірына Вашкевіч – асоба шматгранная. Яна ўдзельніца народнага аматарскага аб'яднання “МузАльянс”, а паняцце “творчасць” у дачыненні да яе гэта – паэзія, жывапіс, графіка, тэатр. Як мастак, Ірына здольная ўбачыць прыгажосць у простых рэчах, а натхненне чэрпае ў працы і навакольным свеце. У холе Палаца культуры на працягу тыдня была прадстаўлена выстава серыі палотнаў алейнага жывапісу “Купалле”, якая атрымала станоўчыя водгукі. У час размовы адбылося знаёмства з маляўнічымі палотнамі ў жанрах партрэт, пейзаж, нацюрморт, а таксама паліграфічнымі работамі мастачкі. Асаблівую цікавасць выклікала пескаграфія.

Свае творчыя здольнасці Ірына ўвасобіла і ў рэжысёрскай рабоце. Пазітыўны эмацыянальны водгук атрымала відэадэманстрацыя фрагментаў спектакля “Казіная хатка” (па матывах рускай народнай казкі “Козья хатка”) народнага лялечнага тэатра “Батлейка”, кіраўніком якога яна з'яўляецца. Навогул, у сваёй творчасці вялікую ўвагу надае спадчыне беларускага народа, яго традыцыйнай культуры, прыгажосці і непаўторнасці. Ірына не толькі расказала пра асаблівасці працы над сцэнаграфіяй, дэкарацыямі, тэатральным рэпертуарам, але і падзялілася сваёй душэўнай цеплынёй і любоўю да беларускай мовы праз аўтарскія паэтычныя радкі.

Яркім фіналам мерапрыемства стаў паказ аўтарскага батлеечнага спектакля “Зімовыя прыгоды Юрася і Ганкі”.

Падчас вечарыны панавала цёплая сяброўская атмасфера. Творчая сустрэча стала цікавай як для дзецей, так і дарослых. Мерапрыемства яшчэ раз падцвердзіла, што Лідчына багатая на таленты.














Просмотров: 309 | | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
 
 
 
 
 
 
 
© 2024 Государственное учреждение "Дворец культуры города Лиды"