Дзень роднай мовы

Па ініцыятыве ЮНЕСКА з 1999 года 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У нашай краіне прайшоў шэраг мерапрыемстваў моўнай накіраванасці, таму што гэта дазваляе паглыбіцца ў гісторыю сваёй краіны і таксама лепш зразумець культуры замежных дзяржаў.

Калектыў Палаца культуры актыўна падтрымаў акцыю «Размаўляй са мной па-беларуску!» і вырашыў на працягу дня вітаць калег і наведвальнікаў установы переважна на беларускай мове. А ўвечары усіх жадаючых запрасілі на бард-сустрэчу “І песняй загучыць душа”, прысвечаную Дню роднай мовы.

Гэта культурна-асветніцкая падзея змагла сабраць і аб'яднаць на адной сцэне літаратараў, паэтаў і бардаў Лідчыны. У зале Палаца культуры прысутнічалі навучэнцы Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, удзельнікі аматарскіх калектываў Палаца культуры, творчыя людзі і жыхары нашага горада, якія ведаюць і паважаюць свае карані і родныя вытокі.

Асноўная мэта сустрэчы - адкрыццё цудоўнага свету пявучай роднай мовы для маладога пакалення. На працягу ўсяго мерапрыемства ў зале гучалі цудоўныя вершы беларускіх паэтаў, творы таленавітых маладых выканаўцаў аўтарскай песні, песні з рэпертуару вядомых усяму свету «Песняроў» і папулярных беларускіх вакальных груп.

Выкананыя бардаўскія песні паднялі шматлікія глыбокія сэнсы, уважлівасць да сапраўды каштоўных момантаў нашага жыцця - усё тое, што адрознівае гэты жанр. У наш час менавіта барды працягваюць даўнія традыцыі менестрэляў, трубадураў, вандруючых музыкаў, якія стагоддзямі хадзілі па свеце, каб несці людзям песню пра сапраўдныя пачуцці, прыгажосць, каханне і рэальнае жыццё.

Аўтарскія песні заўсёды глыбока кранальныя і натуральныя. Гэта музыка, якая выклікае душэўнае трапятанне, абуджае памяць, ачышчае чалавека ад мітусні і штодзённай загружанасці.

У рамках сустрэчы прайшла і творчая прэзентацыя карціны лідскага мастака Уладзіміра Мельнікава “Малюся я небу ...”, прысвечаная заснавальніку і мастацкаму кіраўніку вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры” Уладзіміру Мулявіну.

Прыемна, што па выніках сустрэчы некаторыя маладыя людзі па-новаму адкрылі для сябе беларускую культуру.

- Наша мова вельмі прыгожая. Тое, што яшчэ ў 1910 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Парыжы беларуская мова была пастаўлена на другое месца па мілагучнасці пасля італьянскай для мяне было адкрыццём ... Такой мовай можна і неабходна ганарыцца! - зрабіла вынік адна з удзельніц мерапрыемства.

Гледачы з задавальненнем апладыравалі народнаму ансамблю «Вербіца» і таленавітым студэнтам Лідскага музычнага каледжа. Акрамя таго, у мерапрыемстве прынялі ўдзел салісты эстраднай студыі “Акцэнт”, удзельнікі народнага тэатра гульні “100 сяброў”, народнага ансамбля скрыпачоў “Славяночка” і рок-гурта “Прэмія” Палаца культуры горада Ліды.

Многія наведвальнікі выказалі пажаданне часцей праводзіць падобныя сустрэчы. Усе ўдзельнікі вечара былі аднадушныя ў тым, што такія творчыя зносіны неабходныя і карысныя.

Просмотров: 156 | | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
 
 
 
 
© 2018 Государственное учреждение "Дворец культуры города Лиды"